Posted on

11 лістапада – Міжнародны дзень энергазберажэння

У мэтах прыцягнення ўвагі грамадскасці да рацыянальнага выкарыстання рэсурсаў і развіцця аднаўляльных крыніц энергіі Рэспубліка Беларусь 11 лістапада 2008 года падтрымала і далучылася да святкавання Міжнароднага дня энергазберажэння.

Гэтае свята атрымала статус міжнароднага, паколькі ўзяць удзел у праекце пажадалі каля 20 краін.

Беларусі ёсць чым ганарыцца ў гэтай сферы, паколькі ў нашай краіне на працягу больш як 25 гадоў паслядоўна праводзіцца дзяржаўная палітыка ў галіне энергазберажэння. Дзяржаўнае кіраванне ў сферы энергазберажэння ажыццяўляе ўпаўнаважаны рэспубліканскі орган, якім з’яўляецца Дэпартамент па энергаэфектыўнасці Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі.

Дакументы, прынятыя ў галіне энергазберажэння і энергаэфектыўнасці, улічваюць сучасныя рэаліі і выклікі, арыентуюць усе сферы эканамічнага і сацыяльнага жыцця на пастаяннае ўкараненне энергаэфектыўных тэхналогій, правядзенне мадэрнізацыі і асваенне інавацый, фарміраванне і выхаванне культуры беражлівага стаўлення да энергарэсурсаў.

Развіццё нацыянальнай эканоміі, яе найважнейшых галін – прамысловасці і энергетыкі – непарыўна звязана з энергазберажэннем.

Сур’ёзная праца вядзецца ў рэспубліцы па павелічэнні выкарыстання мясцовых паліўна-энергетычных рэсурсаў у якасці альтэрнатыўных нафты і газу.

Энергазберажэнне эканамічна выгадна кожнаму грамадзяніну і дзяржаве ў цэлым. Мерапрыемствы па эканоміі энергарэсурсаў у два з паловай – тры разы таннейшыя, чым вытворчасць і дастаўка спажыўцам такой жа колькасці зноў атрыманай энергіі.

Самыя простыя спосабы энергазберажэння даступныя любому і могуць прымяняцца ў побыце паўсюдна. З метадычнымі рэкамендацыямі, вучэбнымі дапаможнікамі, а таксама практычнымі спосабамі эфектыўнага выкарыстання энергарэсурсаў у побыце можна азнаёміцца на афіцыйным сайце Дэпартамента па энергаэфектыўнасці https://energoeffect.gov.by/.

Эканоміць энергарэсурсы – значыць быць сучасным, адукаваным грамадзянінам, якія думаюць аб росквіце сваёй краіны, аб дабрабыце і здароўі сваёй сям’і.