Posted on

Дзень работнікаў бытавога абслугоўвання насельніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі

У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 сакавіка 1998 года нумар 157 “Аб дзяржаўных святах, святочных днях і памятных датах у Рэспубліцы Беларусь” у чацвёртую нядзелю сакавіка адзначаецца Дзень работнікаў бытавога абслугоўвання насельніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі.У гэтым годзе свята выпадае на 26 сакавіка. З працай жыллёва-камунальных службаў кожны з нас сутыкаецца практычна штодзень. Менавіта яны добраўпарадкоўваюць і ўпрыгожваюць нашы населеныя пункты, ствараюць камфорт і ўтульнасць для іх жыхароў, нясуць адказнасць за чысціню і парадак на вуліцах без скідак на капрызы прыроды, поры года, святы і будні. Наша прадпрыемства аказвае ўвесь спектр жыллёва-камунальных паслуг насельніцтву і арганізацыям раёна. Адным з асноўных у структуры прадпрыемства з’яўляецца ўчастак ацяпляльных кацельняў і цеплавых сетак. Сіламі работнікаў гэтага ўчастка забяспечваецца бесперабойнае паступленне цяпла ў нашы дамы. На сённяшні дзень усе значныя населеныя пункты раёна забяспечаны цяплом нашай арганізацыі. Дзякуючы службе водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі насельніцтва забяспечваецца якаснай пітной вадой. Цяпер на тэрыторыі раёна прадаўжаецца рэалізацыя падпраграмы “Чыстая вада” праграмы “Камфортнае жыллё”. У рамках гэтай праграмы быў рэалізаваны праект будаўніцтва станцыі абезжалезвання і рэканструкцыі воданапорнай вежы ў аграгарадку Малая Бераставіца, які быў здадзены ў эксплуатацыю ў снежні 2022 года. Дзякуючы гэтаму жыхары вёсак Мураваны, Калеснікі і часткі Малой Бераставіцы атрымалі пітную ваду добрай якасці. Цяпер распрацоўваецца праект будаўніцтва артэзіянскай свідравіны, воданапорнай вежы, станцыі абезжалезвання з заменай часткі водаправодных сетак у вёсцы Паплаўцы. Акрамя гэтага, вядзецца праектаванне станцыі абезжалезвання і воданапорнай вежы ў аграгарадку Макараўцы, ідзе праектаванне рэканструкцыі каналізацыйна-помпавай станцыі ў Вялікай Бераставіцы. Таксама будзе рабіцца перадінвестыцыя на рэканструкцыю ачышчальных збудаванняў у Вялікай Бераставіцы, на будаўніцтва новай кацельні па вул. Савецкай, 12А ў райцэнтры і блочна-модульнай кацельні па зав. Савецкі, 7. Ну а найбольш маштабным стане праект па замене водаправодных сетак у аграгарадку Пагранічны.
Мінулы год стаў сур’ёзным іспытам на прафесіяналізм для нашых працаўнікоў жыллёва-камунальнай гаспадаркі, бо ім неабходна было падрыхтаваць райцэнтр да прыёму абласных Дажынак. Найбольшая нагрузка лягла на рамонтна-будаўнічы ўчастак, жыллёва-эксплуатацыйны ўчастак, водаправодна-каналізацыйную гаспадарку і ўчастак добраўпарадкавання, саначысткі і азелянення.
Напрыклад, рамонтна-будаўнічы ўчастак, які ўзначальвае Аляксандр Марук, да абласнога свята правёў рэканструкцыю больш як 30 аб’ектаў у Вялікай Бераставіцы. Цяпер яго работнікі працягваюць рэканструкцыю інтэрната, размешчанага па завулку Савецкі, 1 у райцэнтры. Неабходна таксама адзначыць, што на прадпрыемстве створана і эфектыўна функцыянуе структурнае падраздзяленне па рабоце з кліентамі і сэрвіс 115. Аператарамі дыспетчарскай службы прымаюцца заяўкі спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг з усяго раёна, а іх у Бераставіцкага РУП ЖКГ каля 8 тысяч. Напрыклад, за мінулы год паступіла 4074 заяўкі, усе яны былі выкананы. Служба 115 для выканання заявак, якія паступілі, актыўна ўзаемадзейнічае з усімі структурнымі падраздзяленнямі прадпрыемства, і львіная доля работ па выкананні заявак ляжыць на жыллёва-эксплуатацыйным участку.
Напярэдадні прафесійнага свята хочацца падзякаваць за работу ўсяму калектыву прадпрыемства, пажадаць усім здароўя, дабрабыту, цяпла і разумення ў сем’ях. Абслугоўванне насельніцтва – нялёгкая праца, таму жадаем усім таксама цярпення і пабольш пазітыву.