Posted on

УВАГА! ТЭЛЕФОННЫЯ АШУКНЦЫ.

У апошні час усё шырэйшае распаўсюджванне набываюць факты здзяйснення махлярстваў па тэлефоне. Пры гэтым злачынцамі рэалізуецца новая схема, у адпаведнасці з якой яны ажыццяўляюць званок па тэлефоне (стацыянарным, мабільным) пацярпеламу, як правіла, састарэлага ўзросту, і, карыстаючыся яго даверлівасцю і спагадлівасцю, паведамляюць таму ілжывую інфармацыю аб бядзе, якая здарылася з блізкім сваяком, неабходнасці тэрміновага аказання матэрыяльнай дапамогі. Далей злачынцамі з выкарыстаннем кур’ераў арганізуецца аператыўнае завалоданне грашыма грамадзян, гатовых аказаць дапамогу пад уплывам падману. Падобныя злачынствы ўжо дастаткова шматлікія ў г.Мінску, зарэгістраваны такія факты і ў Гродзенскай вобласці. У бліжэйшы час на тэрыторыі рэгіёну прагназуецца рост колькасці тэлефонных махлярстваў.

Падчас папярэдняга расследавання крымінальных спраў, узбуджаных па такіх фактах, следчымі высвятляюцца дадатковыя акалічнасці падобных злачынстваў.

У працэсе зносін па тэлефоне злачынцам (аператарам) указваецца пацярпеламу на неабходнасць неадкладна перадаць грошы для аказання неадкладнай дапамогі блізкаму сваяку. Так, часта зламыснік прадстаўляецца супрацоўнікам праваахоўных органаў і ўводзіць грамадзяніна ў зман аб учыненні яго сваяком дарожна-транспартнага здарэння. Для пацверджання гісторыі да размовы можа падключацца і псеўдародзіч, які просіць перадаць грошы для пазбягання крымінальнай адказнасці і аказання матэрыяльнай дапамогі пацярпеламу ў аварыі. Пры гэтым ашуканым грамадзянам настойліва паведамляецца, што калі грашовыя сродкі не будуць прадастаўлены неадкладна, то магчымасць аказання дапамогі будзе беззваротна страчана. Пасля гэтага, а часам і непасрэдна падчас размовы, да пацярпелага для атрымання грошай прыбывае кур’ер, які ўсе неабходныя дадзеныя аб яго асобе і месцы пражывання атрымлівае на інтэрнэт-рэсурсе ад куратара. Пасля завалодання грашовымі сродкамі для перадачы іх арганізатару злачынства кур’ерам ажыццяўляецца іх перавод на пэўны рахунак, электронны кашалёк або набываецца крыптавалюта. У некаторых выпадках у гэтых мэтах ажыццяўляецца закладка грашовых сродкаў ва ўмоўленых месцах. Невялікую частку атрыманых грошай кур’ер пакідае сабе, як абумоўленую плату за праведзеную “працу”.

Прыцягненне грамадзян да непасрэднага ўдзелу ў здзяйсненні такіх махлярстваў у ролі кур’ераў адбываецца з дапамогай прапаноў аб працы, размешчаных у Тэlеgгаm-каналах і іншых інтэрнэт-рэсурсах. Задача кур’ера заключаецца ў атрыманні грошай у пацярпелага, уведзенага ў зман невядомым злачынцам – аператарам падчас папярэдняй тэлефоннай размовы, і наступнай іх перадачы арганізатару злачынства адным з абумоўленых на інтэрнет-рэсурсе спосабаў.

Злачынная схема рэалізуецца шляхам ажыццяўлення ўзгодненых дзеянняў тэлефоннага аператара і кур’ера. У такіх сітуацыях псіхалагічнае маніпуляванне засноўваецца на выключэнні магчымасці для пацярпелага асэнсаваць прадстаўленыя злачынцамі дадзеныя, хутка зарыентавацца ў тым, што адбываецца, удакладніць інфармацыю ў родных, што найбольш цяжка зрабіць у сілу ўзросту менавіта пажылому чалавеку. Аператар, як правіла, звязваецца з пацярпелым непасрэдна перад прыходам кур’ера, імкнецца ўтрымліваць увагу пацярпелага хуткай прамовай, багаццем інфармацыі, пераканаўчасцю інтанацыі да моманту з’яўлення кур’ера. Апошнім, пры гэтым, з мэтай цяжкасці яго наступнага апазнання могуць выкарыстоўвацца ахоўная маска, пальчаткі, як неабходная ахоўная мера ў сувязі з антыкавіднымі абмежаваннямі.

Для таго, каб не стаць ахвярай махляра, які патэлефанаваў па тэлефоне і паведаміў аб патрапленні ў бяду сваяка, неабходна неадкладна спыніць тэлефонную размову. Гэтым злачынец пазбавіцца магчымасці выкарыстоўваць свае псіхалагічныя прыёмы для ўздзеяння. Пасля гэтага трэба ператэлефанаваць блізкаму чалавеку і асабіста ўдакладніць у яго, што адбылося. Калі тэлефануючы запэўнівае, што сваяк знаходзіцца ў міліцыі, або з яго ўдзелам праводзяцца следчыя дзеянні, неабходна патэлефанаваць у дзяжурную частку органа ўнутраных спраў або па нумары 102, і высветліць праўдзівасць яго слоў.

Паважаныя грамадзяне, будзьце пільныя! Давядзіце дадзеную інфармацыю да ведама Вашых блізкіх. Гэта дазволіць не стаць ахвярамі такіх злачынстваў і тым самым захаваць свае грошы як Вам самім, так і Вашым сваякам, знаёмым і блізкім людзям.

Начальнік Бераставіцкага РАСК

падпалкоўнік юстыцыі Рыгосік Т.Л.